ТРЫБУНА́Л СКАРБО́ВЫ,
адм. і судовая ўстанова ў ВКЛ, якая кантралявала даходы і выдаткі дзярж. скарбу, разглядала справы аб нявыплаце падаткаў дзяржаве. Бярэ пачатак ад утворанай на сойме 1591 скарбовай камісіі ВКЛ, у склад якой увайшоў вял. падскарбі, 4 сенатары і прадстаўнікі ад кожнага ваяводства. Пераемніцай камісіі стала створаная ў 1598 дэпутацыя сенатараў і соймавых паслоў, якая павінна была рэвізаваць скарб ВКЛ пачынаючы з 1591. Сойм 1613 у Вільні стварыў з тымі ж функцыямі Т.с., якому было даручана сабраць даўгі ў скарб ВКЛ з правам судзіць даўжнікоў па справах з 1609. У склад Т.с. ўвайшлі падскарбі, 6 сенатараў і прадстаўнікі ад ваяводстваў. У часы праўлення Жыгімонта III Т.с. склікаўся ў 1613, 1621, 1626, 1629 (двойчы) і 1631, у часы Уладзіслава IV — у 1633, 1635 і 1647. Засядаў Т.с. ў Вільні, у яго рабоце прымалі ўдзел і прадстаўнікі войска. Т.с. разглядаў суд. справы, што датычылі войска, скаргі цывільных на вайскоўцаў і наадварот, ажыццяўляў канфіскацыю тавараў і інш. Войска давала справаздачу па сваіх грашовых даходах і выдатках. У 1726 пастановай Гродзенскага сойма частка функцый Т.с. перададзена Трыбуналу Вялікага княства Літоўскага. Т.с. скасаваны ў 1764 з утварэннем Камісіі скарбовай ВКЛ.
Літ.:
Filipczak-Kocur A. Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów, 1587—1648. Wrocław, 1994.
т. 15, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)